Ірына Давідовіч: Сенсацыі не адбылося – папярэджанне не адмянілі
Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, кандыдаткі ў дэпутаты па Івейскай выбарчай акрузе №54 Ірыны Давідовіч. Кандыдатка ў дэпутаты спрабавала адмяніць праз скаргу папярэджанне, якое вынеслі ёй за размяшчэнне ў сваіх акаўнтах сацыяльных сетак відэароліка з тэлевыступам.
Рашэнне суда каментуе Ірына Давідовіч:
– Калі я слухала, як вёў суддзя гэтае паседжанне, мне здавалася, каб ён быў адзін, нават яму той ролік спадабаўся б. Што тычыцца рашэння пракурора, то, напэўна, яно перакрэсліла ўсё тое, што магло быць. Рашэнне ўжо было наперад прапісанае, мне здаецца, ён асабліва не ўдумліваўся ў тое, што праходзіць. Рашэнне было такім, як і павінна быць. Уявіце, што было б, калі б рашэнне адмянілі. Гэта быў бы такі гвалт, гэта так натхніла б апазіцыйныя ўсе сілы.
Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які прысутнічаў на працэсе, лічыць, што судзіць трэба не Давідовіч, а іншага чалавека.
– Пры нармальным юрыдычным падыходзе павінна была б разглядацца справа Мікалая Мільячэнкі – старшыні гарадзенскага тэлерадыёаб’яднання, які павінен быць пакараны за тое, што пасутнасці ўвёў цэнзуру. Але паколькі гэты старшыня дзяржаўны чыноўнік, то ён папросту выканаў палітычны загад. І ніякага сумніву няма, што Ірыне Давідовіч папярэджанне было абвешчана за крытыку кіраўніцтва дзяржавы, за тую палітыку, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве.
На судзе ўсе прысутныя змаглі паглядзець ролік, за які Ірына Давідовіч атрымала папярэджанне. На судовым паседжанні, якое вёў суддзя Сяргея Піпко, апроч самой Ірыны Давідовіч прысутнічалі прадстаўнікі акруговай і абласной камісій, праваабаронцы, замежныя назіральнікі і журналісты.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча