Рух Салідарнасці „Разам” у падтрымку Паўла Севярынца
Рух Салідарнасці "Разам" абураны чарговай хваляй рэпрэсій супраць беларускіх патрыётаў.
Рух Салідарнасці „Разам” прыняў заяву ў падтрымку Паўла Севярынца і іншых зняволеных па адміністрацыйным арышце за ўдзел у акцыях у абарону суверэнітэту Беларусі.
У заяве гаворыцца наступнае:
„СВАБОДУ ПАЎЛУ СЕВЯРЫНЦУ!
Рух Салідарнасці „Разам” абураны чарговай хваляй рэпрэсій супраць беларускіх патрыётаў. Асабліва нашае абурэнне выклікаюць незаконныя прысуды да арышту на 30 сутак ініцыятара і аднаго з лідараў антыімперскіх вулічных пратэстаў у Менску Паўла Севярынца, і да арышту на дадатковыя 15 сутак – блогераў Дзмітрыя Казлова і Сяргея Ціханоўскага. Жорсткасць гэтых „прысудаў” і масавасць „судоў” над удзельнікамі акцый, – ужо адбылося больш за 100 „судовых” працэсаў, – палітычныя наступствы „глыбокай інтэграцыі”, навязанай Масквой.
Гэтая хваля рэпрэсій сведчыць не толькі аб тым, што сённяшнія ўлады ў Беларусі пераўтвараюцца ў звычайных пуцінскіх халуёў, гэта ёсць адкрыты выклік дэмакратычнаму Захаду, асабліва калі ўлічыць заклік Еўрапейскай Народнай Партыі, – найбуйнейшай партыі Еўропы, якая мае самую вялікую фракцыю ў Еўрапарламенце, – да вызвалення персанальна Паўла Севярынца яшчэ падчас яго мінулага незаконнага арышту на 15 сутак.
Мы заклікаем беларускі народ да супраціву імперскім планам Масквы, а міжнародную супольнасць – да салідарнасці з беларусамі, якія трапляюць пад палітычныя рэпрэсіі, і з Беларуссю, якая знаходзіцца пад пагрозай анексіі з боку пуцінскай Расеі. Заклікаем беларусаў дыяспары да тэрміновых акцыяў салідарнасці з беларускімі патрыётамі.
Свабоду Паўлу Севярынцу! Свабоду беларускім патрыётам! Свабоду Беларусі!
Жыве Беларусь!
11.01.2020 г. г. Менск”.