У Віцебску зноў збіраюцца будаваць Сафійскі сабор
Мінулая спроба ўзвесці храм у гарадскім парку, знішчыўшы каля 200 дрэваў, не была здзейснена пад уплывам грамадскіх пратэстаў. Афіцыйнай прычынай адмовы гарадскіх уладаў ад прынятага раней рашэння сталася немагчымасць пацвердзіць наяўнасць грашовых сродкаў у заяўніка – Віцебскай епархіі праваслаўнай царквы. Гарвыканкам прапанаваў пад будаўніцтва іншае месца – незабудаваную тэрыторыю на схіле левага берага Дзвіны.
Праект выкананы на падставе апісанняў полацкай Сафіі, якой яна была ў 11-м стагоддзі, кажа аўтар, архітэктар Ігар Роцька:
– Гэта спроба паказаць стылістыку беларускіх храмаў сярэдзіны 11-га стагоддзя. Калі прааналізаваць планіровачнае рашэнне, то гэта, так скажам, чатыры слупы, ярус на ўзроўні хораў, так званая “княская галерэя”. Цэнтральны купал вялікі, чатыры купалы вакол і два спераду на вежах – сем купалоў.
Ігар Роцька
Архітэктурна-планіровачную канцэпцыю храма прадставілі ва Ўспенскім віцебскім саборы. На прэзентацыі прысутнічалі журналісты, вернікі, архітэктары і прызначаны ўжо настаяцель Сафійскага сабора айцец Міхаіл (Мартыновіч). У цяперашнім выглядзе і на новым месцы новы храм будзе дарэчы, лічыць былы праціўнік будаўніцтва Канстанцін Смолікаў:
– Праект выдатны. Тое, што ён не ў гістрычным цэнтры – таксама добра. Калі з’явіцца ў Віцебскай епархіі такі вялізны храм, пабудаваны нанова, у іх будзе менш хваравітай боязі, што старыя храмы нехта адбярэ і верне ці ўніятам, ці католікам.
Насамрэч, значная частка віцебскіх праваслаўных цэркваў – гэта перабудаваныя храмы, якія даўней належалі прадстаўнікам іншых канфесій. Але ёсць выпадкі, калі царкоўныя “новабуды” ператварыліся ў “даўгабуды”, як віцебская царква Архангела Міхаіла, якую не могуць дабудаваць ужо цягам 15-ці гадоў. Увасабленне праекта Сафійскага сабора запатрабуе значных сродкаў – ад 6-ці да 8-мі мільёнаў даляраў, паводле архітэктара Ігара Роцькі. У епархіі сцвярджаюць, што ўжо маюць надзейных спонсараў.
[See image gallery at www.racyja.com]
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск