У Менску затрыманы карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі
Ён асвятляў акцыю "Гранд-парад жаночых міратворчых сіл".
У Менску затрыманы карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі.
Тэлефон журналіста адключаны, аднак, як паведаміла БелаПАН яго жонка Вольга Быкоўская, Паўлюк паспеў з ёй звязацца і паведаміць, што яго вязуць ва УУС Кастрычніцкага раёна Менска. Быкоўскі асвятляў акцыю „Гранд-парад жаночых міратворчых сіл”, якая праходзіць 29 жніўня ў цэнтры сталіцы. Паводле слоў Вольгі Быкоўскай, яго затрымалі ў раёне плошчы Якуба Коласа.
За гадзіну да гэтага падчас жывога эфіру пры асвятленні гэтай акцыі была затрыманая здымачная група „Радыё Свабода” — журналіст Алесь Пілецкі і аператар Андрэй Рабчык.
Такім чынам, беларуская міліцыя працягвае затрымліваць журналістаў, нягледзячы на шматлікія заклікі міжнароднай супольнасці спыніць прэсінг на прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ.