Жыхары Шэйкі: Нашы бюлетэні мусіць закапалі…
Дваццаць гадоў таму ў Шэйках пражывалі 132 жыхары. А цяпер – на пальцах можна пералічыць, і ў асноўным, гэта пенсіянеры.
Вёска Шэйкі знаходзіцца ў глыбінцы Зэльвенскага раёна. Наведаць гэту вёску захацелася з-за яе арыгінальнай назвы – Шэйкі. У архіўных дакументах Шэйкі прыгадваюцца ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Гэта была ўласнасць Рышарда Феліксава. Дваццаць гадоў таму ў Шэйках пражывалі 132 жыхары. А цяпер – на пальцах можна пералічыць, і ў асноўным, гэта пенсіянеры.
Вясковец Леанід 42 гады адпрацаваў у калгасе трактарыстам, атрымлівае цяпер 500 рублёў пенсіі. З ім і з іншымі вяскоўцамі, якіх сустрэў у вёсцы, пачалі гутарку з прэзідэнцкіх выбараў. Спадар Леанід пачаў гутарку так: “Я пражыў шмат гадоў, але ніколі і ні пры якой уладзе ў зямлю не закопвалі хаты і розныя іншыя будынкі. А цяпер – выкапаюць вялікую яму і туды бульдозеры сцягваюць вясковыя пабудовы. У нас у вёсцы быў добры магазін – і яго ў яму. Усе крамы пазакрывалі ў вёсках. Усё скідваюць у ямы. Дзіва дзіўнае, каб хаты, крамы, хлявы, гумна засыпалі зямлёй. І што гэты Лукашэнка вырабляе – слоў няма ўжо…”. “Дык да вас аўталаўкі прыязджаюць”, — кажу вяскоўцам.
Жыхар Шэйкі Мікалай кажа: “Калі аўталаўку мы чакаем, напрыклад, у 11.45, дык яна можа прыехаць праз гадзіну, праз паўтары гадзіны. А людзі, калі зімою стаяць, мёрзнуць, каб толькі гэтую аўталаўку не празяваць, а быў бы магазін у вёсцы, то мы ведалі б, калі ён працуе, калі не, і калі там выхадны”.
“А на выбары вы хадзілі?”, — пытаюць у вяскоўцаў.
–Вядома ж, хадзілі, і галасавалі амаль усе за Ціханоўскую, а чамусьці перамог Лукашэнка. Як гэта так – не можам зразумець…
–Магчыма нашы бюлетэні, дзе мы галасавалі за Ціханоўскую, таксама, як і хаты, закапалі ў зямлю, — кажа вясковец Леанід.
–А газеты вы якія-небудзь выпісваеце?
–Выпісваем раёнку, а болей нічога. І раёнку зрэд часу чытаем, праграму толькі, — кажуць тутэйшыя жанчыны…
Вёска Шэйкі знаходзіцца каля шасэ, якое вядзе з Зэльвы ў Ружаны. Моладзі ў вёсцы вельмі мала. Ды і вёска даўно стала неперспектыўнай. Што яна яшчэ ёсць на Зэльвеншчыне – нагадвае толькі прыдарожны знак. Каб не гэты знак, дык з-за кустоў, дрэў і траў можна было б і не заўважыць маленькую вёсачку Шэйкі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён
Фота аўтара