Ліга нацый: Беларусь не выйшла ў дывізіён „В”
Футбольная зборная краіны саступіла ў гасцях дружыне Албаніі - 2:3.
18 лістапада ў Лізе нацый Беларусь прайграла на выездзе дружыне Албаніі – 2:3. Для выхаду ў дывізіён „В” камандзе Міхаіла Мархеля дастаткова было нічыёй, але дамагчыся яе беларускія футбалісты не здолелі. Такім чынам на падвышэнне ідзе каманда Албаніі, Беларусь у сваёй групе дывізіёна „С” заняла другое месца.
У Ціране беларуская абарона і галкіпер Ягор Хаткевіч вельмі няўдала правялі першы тайм, прапусціўшы ажно тройчы. Праўда, гол Максіма Скавыша пакідаў надзею на другі тайм. У другой палове Максім Эбонг скараціў розніцу ў ліку да мінімуму, але на большае не хапіла ні часу, ні майстэрства. У выніку заканамерная параза.
Выніковае становішча ў групе такое: Албанія – 11 ачкоў, Беларусь – 10, Літва – 8, Казахстан – 4.
Беларускае Радыё Рацыя