Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Паўлу Севярынцу
Пра гэта паведаміла жонка палітыка Вольга Севярынец.
Вярхоўны суд 27 жніўня разгледзеў скаргу на прысуд Паўлу Севярынцу.
«Апеляцыйны суд пакінуў прысуд Паўлу Севярынцу без зменаў. Адзінае, пералічылі 1 дзень СІЗА за 1,5 дні калоніі, таму Паша ўжо паўтара года адматаў. Засталося 5,5, калі падлічыць, але веру, што Бог падрыхтаваў для нас нешта зусім іншае», — напісала ў фэйсбуку жонка палітыка Вольга Севярынец.
Нагадаем, 25 траўня Магілёўскі абласны суд прыгаварыў сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітыка абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Разам з Севярынцам асудзілі яшчэ некалькі чалавек. Каардынатар кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель і актывіст кампаніі Андрэй Войніч атрымалі па сем гадоў, а актывісты Павел Юхневіч і Максім Вінярскі — па пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Відэаблогер Дзмітрый Казлоў (Шэры Кот) асуджаны на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму; рэдактар тэлеграм-канала „Мая краіна Беларусь” Ірына Шчасная — на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя