Дачка Далідовіча: Я не зрабіла нічога, што магло б апраўдаць дыскваліфікацыю
Беларуская лыжніца і дачка экс-лыжніка Сяргея Далідовіча Дар’я пракаментавала сваё адхіленне ад міжнародных спаборніцтваў.
«Я не зрабіла нічога, што магло б апраўдаць дыскваліфікацыю і дэактывацыю майго кода FIS», – пракаментавала сітуацыю Дар’я Далідовіч. На яе думку, за гэтым крокам стаяць палітычныя погляды яе бацькі, якія яна падзяляе.
У канцы 2021-га Федэрацыя лыжных гонак Беларусі адмовілася заяўляць дачку Сяргея Далідовіча Дар’ю і Святлану Андрыюк на міжнародныя старты, куды яны выязджалі за свой рахунак. Акрамя таго, федэрацыя дэактывавала коды спартовак FIS, без якіх удзельнічаць у такіх спаборніцтвах немагчыма. Па словах лыжніц, гэта было зроблена па ўказанні кіраўніка Беларускай федэрацыі лыжных гонак Аляксандра Дараховіча. Ён загадаў чыноўнікам забараніць удзел спартовак у міжнародных спаборніцтвах і зборах.
Ягор Герасімаў выбыў у 1/16 фіналу турніру АТП-250 у Адэлаідзе
Ягор Герасімаў (106-ы нумар рэйтынгу АТП) выбыў у 1/16 фіналу турніру АТП-250 у аўстралійскай Адэлаідзе. Беларус саступіў італьянцу Джанлуку Магеру (63 АТП) — 6:4, 5:7, 4:6.
Першая ракетка Беларусі і першы нумар пасеву на турніры ў аўстралійскай Адэлаідзе Арына Сабаленка выбыла ў 1/16 фіналу, дзе прайграла 93-й ракетцы свету Рэбецы Петэрсан са Швецыі – 7:5, 1:6, 5:7. У гэтым матчы Сабаленка дапусціла 21 падвойную памылку.
Дзяніс Лапцеў і Павел Савіцкі пакінулі берасцейскі „Рух”
Дзяніс Лапцеў і Павел Савіцкі пакінулі берасцейскі „Рух”. Кантракты з футбалістамі скасаваны па дамове бакоў. Абодва гульцы выступалі за „Рух” са студзеня 2021 года. Дзяніс Лапцеў прыняў удзел у 29 матчах, у якіх адзначыўся 9 галамі і 6 асістамі, і стаў найлепшым бамбардзірам каманды ў сезоне. Павел Савіцкі правёў у складзе каманды 28 гульняў, у якіх забіў 5 мячоў і аддаў 5 выніковых перадач.
28-гадовы нападнік Дзмітрый Юсаў працягне кар’еру ў адэскім „Чарнаморцы”, галоўным трэнерам якога не так даўно зацверджаны Раман Грыгарчук. У стан „маракоў” Юсаў перайшоў з барысаўскага БАТЭ.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Reuters