Ва Уроцлаве ствараюць курсы „Мова Нанова”
Першыя заняткі беларускай мовай пройдуць ужо 29 студзеня.
У польскім горадзе Уроцлаве з’явяцца курсы „Мова Нанова”.
Першыя заняткі беларускай мовай пройдуць ужо 29 студзеня, літаральна праз тыдзень, – распавёў адзін з арганізатараў сустрэч Віталь Абрамовіч:
– Ніколі курсаў беларускай мовы ва Уроцлаве не было. Я так разумею, пачалі гэта ўсё ў Варшаве рабіць. І вось Уроцлаў пакуль што другі горад. Ініцыятыва належыць былым настаўнікам, якія выкладалі ў Беларусі. Гэта Эмілія Комар з Гародні і Зміцер Цярэнцьеў з Рычыцы. Яны зараз жывуць ва Уроцлаве і вырашылі стварыць курсы для беларусаў, якія пераехалі жыць ва Уроцлаў.
Для ўдзелу ў занятках „Мова Нанова” ва Уроцлаве патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя. Тэма першай сустрэчы – знаёмства, вітанні і звароты. Госця – спявачка Валерыя Валадзько.
Беларускае Радыё Рацыя