Анджэй Дуда звярнуўся да дыпламатаў, акрэдытаваных у Польшчы
Прэзідэнт заявіў, што сілавыя намаганні змяніць архітэктуру бяспекі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе павінны сустрэць рашучы і сумесны адказ дэмакратычных дзяржаў.
Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што сілавыя намаганні змяніць архітэктуру бяспекі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе павінны сустрэць рашучы і сумесны адказ дэмакратычных дзяржаў. Прэзідэнт апублікаваў пасланне кіраўнікам дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Польшчы.
У сваёй прамове ён нагадаў, што Польшча падкрэслівае неабходнасць выканання міжнароднага права. Ён адзначыў, што Расея пастаянна ўзмацняе ваенны ціск на Украіну, а Польшча не пагаджаецца на расейскія прапановы і вяртанне «сфераў уплыву».
Анджэй Дуда заявіў, што Польшча, якая нядаўна ўзначаліла Арганізацыю бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, хоча выкарыстаць гэты інструмент для стабілізацыі сітуацыі на нашым кантыненце. На думку прэзідэнта, цяперашні крызіс ва Украіне і на ўсходняй мяжы Еўразвязу быў выкліканы адсутнасцю палітычнай волі і непавагай да ўжо ўсталяваных правілаў.
Прэзідэнт таксама анансаваў шэраг замежных візітаў у краіны Азіі, Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. Анджэй Дуда патлумачыў, што мае намер нарошчваць супрацу, асабліва з Японіяй і Паўднёвай Карэяй.
Беларускае Радыё Рацыя