Вераніка Іванова: Пазітыву гэта адназначна не нясе
Старшыня Пінскай гарадской арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” выказалася пра рэферэндум, які мае адбыцца.
Рэферэндум – 2022. У Беларусі ідзе працэс фармавання ўчастковых выбарчых камісій. Паводле Цэнтрвыбаркама, у склад 5 тысяч 510 камісій вылучана звыш 59 тысяч чалавек, абсалютная большасць ад праўладных арганізацый і працоўных калектываў. Улады заяўляюць, што гэта сведчыць пра вялікую зацікаўленасць грамадзянаў да рэферэндуму.
На думку старшыні Пінскай гарадской арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Веранікі Івановай, у рэальнасці кампанія мала каго турбуе:
– Гэта абсалютна нецікавае палітычнае мерапрыемства на самой справе, якое нічога не мяняе нават тэарэтычна ў гэтай краіне, не кажучы пра фактычнае. Гэты спектакль прызначаны для аднаго гледача. Ну, можа быць, для двух, адзін з якіх знаходзіцца ў замежжы. Ніякога істотнага ўплыву на палітычнае жыццё ў краіне гэта не акажа, і не можа аказаць. Усё негатыўнае, якое мы атрымлівалі, мы атрымліваем незалежна ад рэферэндуму. Пазітыву гэта адназначна не нясе.
Сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі вылучылі дзве апазіцыйныя структуры – 7 чальцоў ад Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” і 2 чальцы ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Фармаванне павінна завершыцца да 6 лютага.
Беларускае Радыё Рацыя