У Гайнаўцы ўшануюць памяць ахвяраў „Бурага”
19-га лютага пройдзе малебен у царкве ў памяць пра бязвінна закатаваных.
19-га лютага ў Гайнаўцы ўшануюць памяць закатаваных аддзелам капітана Рамуальда Райса, псеўданім „Буры” цывільных жыхароў падляшскіх вёсак. „Дарагія жыхары рэгіёну, – пішуць у фэйсбуку арганізатары мерапрыемства, – ушануем памяць ахвяраў аддзелу Рамуальда Райса хвілінай маўчання і малітвай! У суботу 19 лютага сустракаемся ў 11 гадзінаў ля гарадской управы Гайнаўкі па вуліцы Зіна. Прынясіце з сабой знічы, пазней пройдзе малебень у царкве.”
Таксама 19-га лютага праз Гайнаўку пройдзе чарговы ўжо Марш памяці выклятых жаўнераў. Марш пачнецца ў 13 гадзін ад касцёла Узвышэння Крыжа, праз цэнтр горада да гайнаўскага дому культуры. Марш арганізуюць крайне правыя арганізацыі. „Марш нацыяналістаў”, як называюць яго ў Гайнаўцы, выклікае крайнія эмоцыі, з увагі на тое, што арганізатары ўшаноўваюць памяць капітана Рамуальда Райса як героя і змагара з незалежнасць Польшчы.
Згодна з вынікамі даследавання Інстытуту нацыянальнай памяці 2005 году Ромуальд Райс быў прызнаны вінаватым у злачынствах з прыкметамі генацыду за забойствы ў 1946 годзе цывільных жыхароў па прыкмеце іх нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці.
Беларускае Радыё Рацыя