Барыс Хамайда: Я адмовіўся зняць жоўта-блакітную стужку
Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда выйшаў на волю пасля 20-ці дзён, якія правёў ў віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. Суддзя Алена Цыганкова прызнала яго вінаватым і паводле артыкула 24.23 КоАП.
Падставай для затрымання стала жоўта-блакітная стужка, якую каля століка распаўсюдніка беларускага друку заўважыў падпалкоўнік міліцыі. Спадар Хамайда кажа, што адмовіўся яе зняць на загад міліцыянта:
– Я кажу: “Паслухайце, пад снарадамі, бомбамі, ракетамі гінуць украінскія дзеці, жанчыны, старыя… Я не буду яе здымаць!” І ў мяне была яшчэ бел-чырвона-белая стужка, але яна была ў заплечніку. Дык міліцыянты напісалі рапарты, што я стаяў і з жоўта-блакітнай, і з бел-чырвона-белай стужкай. Значыць, несанкцыянаваны пікет.
Суд Чыгуначнага раёну пастанавіў канфіскаваць абедзьве стужкі, але вярнуць гаспадару забраны падчас затрымання мабільны тэлефон. Аднак міліцыянты з Чыгуначнага РАУС, пакуль Барыс Хамайда адбываў арышт, самавольна прадалі тэлефонны апарат за 15 рублёў – маўляў, гэтыя грошы пойдуць на пагашэнне ранейшых штрафаў. Таксама актывіста афіцыйна папярэдзілі, што ў выпадку трэцяга цягам году адміністрацыйнага правапарушэння супраць яго будзе ініцыявана ўжо крымінальная справа. Спадар Хамайда кажа, што цяпер міліцыя вельмі актыўна распачынае адміністрацыйныя справы за пратэсты супраць вайны ва Украіне. Толькі падчас ягонага знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання ён сустрэў 9 чалавек, пакараных за антываенныя плакаты, допісы ў сацыяльных сетках і нават за вершы.
Беларускае Радыё Рацыя