Былую аўстэрыю Агінскага пакуль ніхто не купляе
Аўстэрыя ў Слоніме – гэта адзіная ацалелая пабудова аднаго з цікавейшых палацавых ансамбляў Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя.
Летась у канцы жніўня ўпершыню была выстаўлена на аўкцыён былая аўстэрыя Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме. Яе мясцовая ўлада хацела прадаць за 1.153.649,35 рублёў. Але не знайшоўся пакупнік, які б за такія грошы купіў гэты гістарычны будынак у цэнтры Слоніма.
Цяпер зноў аўстэрыю Агінскага слонімская ўлада выставіла на аўкцыён, але яна ўжо будзе каштаваць амаль у 10 разоў танней – 115.411, 74 рублі.
Нагадаем, што аўстэрыя Агінскага ў Слоніме была пабудавана з цэглы ў другой палове XVIII стагоддзя, верагодна, архітэктарам Боем, які праектаваў пры палацы Міхала Казіміра Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў.
Аўстэрыя з’яўлялася заезным домам пры палацы. Яна знаходзілася за палацам на яго падоўжанай восі. Першапачаткова будынак быў двухпавярховы, а трэці паверх дабудавалі ў ХХ стагоддзі. Аўстэрыя – гэта адзіная ацалелая пабудова аднаго з цікавейшых палацавых ансамбляў Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя. Яна дае ўяўленне пра агульны характар яго барочнай архітэктуры.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя