Беларускія памежнікі абвінавацілі «польскіх сілавікоў» у абстрэле пункту пропуску
Камітэт дадаў, што сілавікі таксама спрабавалі асляпіць беларускіх памежнікаў страбаскопамі.
Памежны камітэт Беларусі заявіў, што ў ноч з 10 на 11 красавіка «польскія сілавікі» абстралялі беларускі аўтадарожны пункт пропуску Пясчатка. Камітэт дадаў, што сілавікі таксама спрабавалі асляпіць беларускіх памежнікаў страбаскопамі, і адзначыў, што гэтыя дзеянні былі зафіксаваныя камэрамі відэаназірання. Беларускія памежнікі пішуць, што праінфармавалі аб інцыдэнце польскі бок, які пакуль не адрэагаваў на гэтае абвінавачанне.
Ведамства публікуе фота „металічных шарыкаў” і відэа з камер відэаназірання. На ім бачныя некалькі чалавек, як мяркуецца, у форме, балаклавах і з заплечнікамі. У руках аднаго з іх – прадмет, падобны на рагатку.