Парлямэнт Малдовы прыняў закон, які забараняе рэтрансьляцыю інфармацыйных і палітычных праграм з Расеі
Парлямэнт Малдовы ў канчатковым чытаньні прыняў законапраект, які забараняе рэтрансьляцыю праграм з краін, якія не ратыфікавалі Эўрапейскую канвэнцыю аб трансмежным тэлебачаньні, паведамляе мясцовае выданьне NewsMaker. Дзеяньне гэтага закону закране і праграмы расейскіх тэлеканалаў.
Дэпутат ад кіроўнай Партыі дзеяньня і салідарнасьці Раду Марыян удакладніў, што забарона ўводзіцца на рэтрансьляцыю тэлевізійных і радыёпраграм інфармацыйнага, інфармацыйна-аналітычнага, ваеннага і палітычнага зьместу.
У прыватнасьці, забараняюцца перадачы, якія зьмяшчаюць дэзынфармацыю, прапаганду ваеннай агрэсіі, экстрэмісцкага або тэрарыстычнага зьместу, а таксама ілжывай інфармацыі, якая прадстаўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны.
Выключэньні будуць зроблены для рэтрансьляцыі фільмаў, музыкі і забаўляльных праграм, якія не маюць мілітарысцкага падтэксту.
Парушэньне закона будзе карацца штрафам да 100 тысяч леяў (больш за $5200), прадугледжана і часовае прыпыненьне ліцэнзіі на вяшчаньне.
Па дадзеных NewsMaker, пры гэтым з законапраекта прыбралі палажэньні, якія выклікалі найбольшую крытыку, у прыватнасьці, норму аб наданьні Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы паўнамоцтвамі блякаваць сайты, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю.