Батумскія беларусы: 9 жніўня – дзень надзеі
9 жніўня 2022 года беларусы, што жывуць у грузінскім Батумі, правялі ў цэнтры горада акцыю, прысвечаную падзеям 2020 года. На акцыі была вялікая колькасць плакатаў пра палітзняволеных, пра дваровыя маршы і пра забітых сілавікамі беларусаў.
Кажа кіраўнік арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Раман Кісляк:
– Гэта вельмі знакавая дата, якая прадэманстравала, што беларусы – гэта нацыя. У нас ёсць годнасць, мы імкнёмся да дэмакратыі і да павагі сваіх правоў. Хочам, каб быў законна абраны намі ўрад, а не тыя, хто самавольна захапіў уладу. Таму, канешне, гэта дзень пачатку беларускай годнасці. Я лічу, што важна яго адзначаць і ўспамінаць, патрабаваць вызвалення палітзняволеных і правядзення новых выбараў.
Па словах батумскіх беларусаў, што прыйшлі на акцыю, для іх гэта дзень надзеі на будучыню:
– Гэта сапраўды дзень перамогі, перамогі беларусаў над сабой. Яны ўзялі і прагаласавалі супраць. Упершыню дакладна яны галасавалі супраць дыктатуры і за еўрапейскія каштоўнасці. Мы змяніліся, і гэта дзень нараджэння беларускай нацыі.
– Гэта памяць, не хочацца забывацца на тое, што было за гэтыя два гады, таму трэба памятаць.
– Калі змянілася шмат у маім жыцці, калі я страціў сваю радзіму і вымушаны з’ехаць за мяжу.
Цягам гадзіны на батумскай акцыі гучалі воклічы пра тое, што пратэст не скончыцца, згадвалі палітзняволеных і дваровыя акцыі. Пасля акцыі ў батумскім кінатэатры «Апола» адбыўся прагляд фільма «Кураж», які распавядае пра пратэсты 2020 года.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Батумскія беларусы: 9 жніўня – дзень надзеі pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.