Юбілей адзначае Тамара Вяршыцкая
У Наваградскім краязнаўчым музеі Тамара Рыгораўна адпрацавала больш за 30 гадоў. Але летась ёй адмовілі працягваць працоўны кантракт.
Artykuł Юбілей адзначае Тамара Вяршыцкая pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
10 кастрычніка перакладчыца, музеязнаўца і краязнаўца з Наваградка Тамара Вяршыцкая адзначае юбілей. У Наваградскім краязнаўчым музеі Тамара Рыгораўна адпрацавала больш за 30 гадоў. Яе імя занесена ў Кнігу славы Наваградка.
Але летась ёй і яе калегі Галіне Кавальчук адмовілі працягваць працоўны кантракт. Відаць за тое, што па нядзелях ладзілі для гараджан легальныя экскурсіі. Жанчыны распавядалі пра гісторыю Наваградка: Адама Міцкевіча, беларускую гімназію, габрэйскі супраціў. Сярод удзельнікаў такіх экскурсій былі людзі, асуджаныя за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Часта экскурсіі ішлі ў суправаджэнні міліцыянтаў…
Але Тамара Вяршыцкая музейную справу не пакінула. Яна пачала вывучаць падзеі, якія адбываліся на Наваградчыне ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Разам з рэспубліканскімі і міжнароднымі арганізацыямі яна сёння глыбока даследуе тэму габрэйскага супраціўлення ў Наваградку ў перыяд Халакосту. З’яўляецца заснавальніцай «Музея габрэйскага супраціву» ў Наваградку, экспазіцыя якога расказвае пра гісторыю самых паспяховых у Еўропе ўцёкаў габрэяў з нямецкага гета.
Тамара Вяршыцкая нарадзілася ў вёсцы Ягадзень Іўеўскага раёна. Скончыла Менскі інстытут замежных моў. Перакладае з ангельскай і польскіх моў на беларускую. Грунтоўнай яе перакладчыцкай працай з’яўляецца кніга Яна Булгака “Край дзіцячых гадоў” (Мн, 2004). Яна не толькі пераклала ўспаміны Яна Булгака, але і ўклала кнігу, напісала ўступны артыкул да яе.
Шчыра віншуем Тамару Рыгораўну з юбілеем. Жадаем ёй здароўя, дабра і поспехаў на ніве беларускага музеязнаўства!
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Юбілей адзначае Тамара Вяршыцкая pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.