Нідэрлянды і Сенегал выйшлі ў 1/8 фіналу
Вышэй у табліцы групы А апынуліся больш рэйтынгавыя зборныя.
Artykuł Нідэрлянды і Сенегал выйшлі ў 1/8 фіналу pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Першымі на мундыялі „адстраляліся” на групавым турніры каманды квартэту А. Дыспазіцыя перад заключнымі паядынкамі была надзвычай простай. Ніхто не чакаў сюрпрызаў ад сустрэчы Нідэрлянды – Катар. Іх і не здарылася. „Аранжавыя” даказалі, што яны жывыя і без асаблівых праблем разабраліся з гаспадарамі першынства. Першы мяч і свой трэці на турніры забіў Кодзі Гакпо – узыходная зорка еўрапейскага і сусветнага футболу. На пачатку другой палове найбольш спрытным на дабіванні апынуўся Фрэнкі дэ Ёнг. Галяндцы маглі дасягнуць і разгрому катарцаў, але пастанавілі ашчаджаць сілы перад плэй-оф. Адзін раз ад голу арабаў уратавала папярэчына, яшчэ адзін раз VAR.
Нідэрлянды – Катар – 2:0 (Гакпо, 26, дэ Ёнг, 49).
Куды цікавей было ў спатканні Сенегала з Эквадорам. Чэмпіёнаў Афрыкі задавальняла толькі вікторыя, эквадорцам патрэбная была нічыя. Перавага сенегальцаў у першай палове была бясспрэчнай і ўвасобілася ў лагічны гол з пенальці. У другім тайме паўднёваамерыканцы параўнялі лік, але амаль адразу зноў прапусцілі. Вырашальны гол на рахунку гіганта Кулібалі, які дамогся жаданага пасля розыгрышу адвольнага ўдару. Шчасце прыйшло да сенегальцаў, якія маюць на гэтым чэмпіянаце бадай самую каларытную групы падтрымкі на трыбунах. Эквадор агулам набраў 4 ачкі, але змушаны пакінуць мундыяль. А вышэй у табліцы групы А апынуліся больш рэйтынгавыя зборныя.
Эквадор – Сенегал – 1:2 (Мойсес Кайседа, 67; Ісмаіла Сар, 44, з пенальці, Каліду Кулібалі, 70).
Выніковае становішча ў групе А: 1. Нідэрлянды – 7 ачкоў, 2. Сенегал – 6, 3. Эквадор – 4, 4. Катар – 0.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Нідэрлянды і Сенегал выйшлі ў 1/8 фіналу pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.