У парафіі менскага Чырвонага касцёла адбыліся змены, прызначаны адміністратар
Каталіцкі касцёл, відаць, спадзяецца дамовіцца з уладамі.
Artykuł У парафіі менскага Чырвонага касцёла адбыліся змены, прызначаны адміністратар pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
У парафіі святога Сымона і святой Алены (менскага Чырвонага касцёла) адбыліся змены, прызначаны адміністратар. Ім стаў прэс-сакратар Каталіцкага касцёла ў Беларусі Юрый Санько.
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2020/04/170CA201-7B9D-4ABA-80BF-52BEBCED647B_w1200_r1-833x400.jpg)
У паведамленні catholic.by падкрэсліваецца, чым ён будзе займацца: справамі, звязанымі з рамонтам і будаўнічымі працамі ў храме, выступаць „у якасці афіцыйнага прадстаўніка парафіі і Менска-Магілёўскай Мітрапалітальнай курыі ў вядзенні перамоў з дзяржаўнымі ўладамі”. Парафіяльная дзейнасць часова будзе адбывацца ў парафіі Імя Найсвяцейшай Дзевы Панны ў Менску.
У паведамленні не згадваецца пробашч парафіі святога Сымона і Алены ў Мінску ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк. Нядаўна ён стаў дворнікам пры зачыненым Чырвоным касцёле.
26 верасня сёлета ў Чырвоным касцёле адбылося ўзгаранне. Пасля гэтага менскія ўлады прынялі рашэнне часова забараніць эксплуатацыю будынка, касцёл адключылі ад усіх камунікацый. Пасля прадпрыемства „Мінская спадчына” скасавала дамову арэнды. Грамаду папрасілі вызваліць будынак „для правядзення рамонтна-аднаўленчых работ”.
Каталіцкі касцёл, відаць, спадзяецца дамовіцца з уладамі. З’яўленне новага перамоўшчыка можа быць умовай з іх боку.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł У парафіі менскага Чырвонага касцёла адбыліся змены, прызначаны адміністратар pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.