Грэцыя закрыла паветраную прастору для беларускіх самалётаў і забараніла палёты сваіх над Беларусьсю
Грэцыя прыняла рашэньне закрыць сваю паветраную прастору для самалётаў зь Беларусі і забараніць уласнай авіяцыі лётаць над беларускай тэрыторыяй, паведамляе zerkalo.іo са спасылкай на грэцкае інфармацыйнае агенцтва pentapostagma.gr.
Агенцтва апублікавала дырэктыву Ўпраўленьня цывільнай авіяцыі Грэцыі, дзе гаворыцца, што самалётам беларускіх авіяперавозчыкаў забараняецца пасадка і ўзьлёт на тэрыторыі Грэцыі і пралёт над ёю, за выключэньнем аварыйных выпадкаў, а таксама гуманітарных і санітарных бартоў.
Таксама грэцкія авіяперавозчыкі пры любых рэйсах не павінны выконваць палёты ў раён палётнай інфармацыі Менск і праз паветраную прастору Беларусі, за выключэньнем надзвычайных сытуацый, калі гэта неабходна ў мэтах бясьпекі.
Акрамя таго, Упраўленьне цывільнай авіяцыі Грэцыі рэкамэндуе пазьбягаць раёну палётнай інфармацыі Менску.
Дырэктыва ўведзеная пакуль што на тры месяцы — з 21 сьнежня па 21 сакавіка.
Як адзначае грэцкае агенцтва, такое рашэньне абумоўлена ростам засьцярогаў наконт магчымага далучэньня беларускіх войскаў да вайны Расеі супраць Украіны.
Раней Грэцыя ўжо ўводзіла аналягічныя часовыя абмежаваньні адносна беларускай авіяцыі і паветранай прасторы. Гэта было пасьля прымусовай пасадкі ў Беларусі рэйса Ryanair Атэны — Вільня, на борце якога былі Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега.