Краіны Эўразьвязу за мінулыя суткі не дазволілі нелегальна прабрацца на сваю тэрыторыі 65-ці мігрантам зь Беларусі
За мінулыя суткі краіны Эўрапейскага зьвязу не дазволілі нелегальна пракрасьціся 65 мігрантам з тэрыторыі Беларусі (днём раней — 28), інфармуе BPN.
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 28 студзеня, як і ў папярэднія суткі, на літоўска-беларускім памежжы не было зафіксавана ніводнай спробы незаконнага пранікненьня.
Літоўскае ведамства са спасылкай на калег зь Дзяржаўнай пагранічнай аховы Латвіі адзначыла, што ў папярэдні дзень было папярэджана 24 спробы нелегальнага пераходу беларуска-латвійскай мяжы (за суткі да гэтага — 2).
Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, за мінулыя суткі з боку Беларусі мяжу спрабаваў перасекчы 41 іншаземец (за дзень да гэтага — 26).
З пачатку 2023 года зафіксавана 1.812 спроб незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 1.275, Латвію — 335, Літву — 202).
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся ўвесну 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.