Андрусь Цянюта: Эдуард Лобаў быў патрыётам
У нашым эфіры пабываў актывіст беларускай дыяспары і саслужбовец Эдуарда Лобава.
Artykuł Андрусь Цянюта: Эдуард Лобаў быў патрыётам pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
У эфіры нашага радыё пабываў актывіст беларускай дыяспары ў Польшчы і саслужбовец Эдуарда Лобава Андрусь Цянюта.
РР: Днямі з’явілася навіна пра тое, што Эдуард Лобаў загінуў абараняючы Украіну. Гэта адбылося пад Вуглядарам. Вы служылі разам з Эдуардам у Беларусі?
– Так, гэта было ў 2009-2011 гг. Ён быў на прызыў за мяне старэйшы. З таго часу мы сябруем, сябравалі.
РР: Гэта 103-я асобная гвардзейская мабільная брыгада ў Віцебску?
– Так, менавіта.
РР: Ужо тады Эдуард быў такім прабеларускім?
– Ён быў прабеларускім, але ён шукаў сябе. Ён быў патрыётам, але шукаў сябе. Я думаю, што ён быў бы добрым беларускім афіцэрам. Ён марыў быць афіцэрам, любіў войска, але хацеў быць вайскоўцам насамрэч беларускага войска, а не тое, якое з’яўляецца філіялам расейскага.
РР: Ён па прыродзе быў вайсковым чалавекам?
– Так, у яго была мара быць вайскоўцам.
РР: Чаму вас навучылі ў гэтай частцы ў Віцебску? Што Эдуард мог прымяняць і абараняючы Украіну?
– Не ведаю чаму можна навучыцца ў беларускім войску, але я думаю, што ёсць плюсы. Перадусім гэта дысцыпліна, гэта пачуццё сяброўства, вайсковы дух, але гэтаму мы ўжо больш самі вучыліся, у тым ліку патрыятызму.
РР: Мабільная брыгада – гэта ўсё ж нешта сур’ёзнае.
– Вучыліся страляць. Я пастраляў з усяго, з чаго толькі можна было: з падствольнага гранатамёта, са звычайнага гранатамёта РСГ-7Д і г.д. Гэта была добрая школа.
РР: Чаму пасля вызвалення ў 2014 годзе Эдуард Лобаў вырашыў накіравацца ва Украіну?
– Было некалькі прычын. Перадусім ён быў чалавекам, які не мог глядзець на несправядлівасць. Калі на Украіну напалі расейцы, то ён адчуваў, што гэта таксама і наша вайна. Гэта вайна за незалежнасць і Беларусі ў тым ліку, бо без незалежнай Украіны не будзе незалежнай Беларусі. Другі момант, гэта тое, што на яго ў Беларусі завялі яшчэ адну крымінальную справу. У яго не было выйсця, ехаць і змагацца за незалежнасць Украіны ці застацца ў Беларусі і зноў сесці ў турму.
РР: Ва Украіну ён выехаў таемна?
– Так, ён мог выбраць любую іншую краіну, але абраў менавіта Украіну. Ён верыў у перамогу, і каб нешта зрабіць для нашай супольнай барацьбы.
РР: Які досвед атрымаў Эдуард? Ці падтрымлівалі вы сувязь?
– Так, увесь час мы падтрымлівалі сувязь. За час вайны ён атрымаў пяць узнагародаў. Скончыў курсы па натаўскай праграме – медычныя курсы, курс асноўных баявых навыкаў і курс па кіраванні „Джавелінамі”. Гэта быў прафесійны баец. Беларусь вельмі шмат згубіла, бо ён мог бы быць афіцэрам беларускага войска ў будучыні.
Абвешчаны збор сродкаў на арганізацыю пахавання беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава, які загінуў у вайне за незалежнасць Украіны. Былы беларускі палітвязень і вайсковец Узброеных сіл Украіны Эдуард Лобаў быў смяротна паранены пад Вуглядарам.
Пахаванне Эдуарда павінна прайсці ў Варшаве, дзе пражывае яго сям’я. Для арганізацыі развітання з героем неабходныя сродкі, якія можна пералічыць яго маці Марыне Лобавай.
Назва банку: Bank Millennium S.A. IBAN: PL 751160 2202 0000 0003 6482 8385 SWIFT: BIGBPLPW. Уладальнік рахунку: MARYNA LOBAVA.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Андрусь Цянюта: Эдуард Лобаў быў патрыётам pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.