МЗС Расеі заявіла, што прапрацоўваецца пытаньне перадачы марскога перагрузачнага комплексу Бронка ва ўласнасьць Беларусі
Масква і Менск робяць захады па «пераадоленьні транспартных і лягістычных абмежаваньняў», выкліканых санкцыямі, заявіў дырэктар другога дэпартамэнта краін СНД Міністэрства замежных спраў Расеі Аляксей Палішчук. Пра гэта інфармуе BPN.
Паводле яго слоў, цяпер у Расеі адбываецца перавалка «шырокага спэктру беларускіх экспартных грузаў» — калійных і азотных угнаеньняў, прадукцыі мэталюргіі і дрэваперапрацоўкі — «з выкарыстаьннем расейскай транспартнай інфраструктуры, у тым ліку 19 партоў».
На пытаньне журналістаў, у якой стадыі перамовы па будаўніцтве беларускага марскога порта на тэрыторыі РФ, Палішчук адказаў: «Цяпер прапрацоўваецца пытаньне перадачы ва ўласнасьць Беларусі шматфункцыянальнага марскога перагрузачнага комплексу Бронка, які ўваходзіць у Вялікі порт Санкт-Пецярбург».
Таксама чыноўнік дадаў, што «наяўная магутнасьць комплексу па перавалцы грузаў складае 3,2 мільёна тон на год, праектная магутнасьць — да 20,7 мільёна тон на год».
1 лютага 2022 году, калі набылі моц санкцыі ЗША супраць «Беларуськалія», спыніліся пастаўкі беларускіх калійных угнаеньняў праз порт літоўскай Клайпеды на Балтыйскім моры. Неўзабаве пасьля гэтага ўлады Беларусі заявілі пра намер пераарыентаваць транзытныя патокі на расейскія парты, а таксама пабудаваць уласны порт у РФ.
11 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусі «выпаў добры шанц» стварыць уласную партовую інфраструктуру на тэрыторыі Расеі.