Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі відэа з самалётам А-50, сьцьвярджаючы, што ён не пашкоджаны
У афіцыйным Тэлеграм-канале Міністэрства падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь зьявілася відэа, на якім у цемры па засьнежанай бэтоннай паверхі рухаецца самалёт А-50.
У камэнтары да відэа сьцьвярджаецца, што гэта той самы самалёт і што знаходзіцца ён у Мачулішчах:
«Вы чулі выцьцё змагароў? „Узарвалі, спалілі, спалілі“. Змагары, вось вам А-50! Прама ў Мачулішчах! Жывы і здаровы!».
Тым часам, у сацыяльных сетках ужо зьявіліся камэнтары, аўтары якіх зьвяртаюць увагу на тое, што самалёт рухаецца па паверхні аэрадрому, а не ўзьлятае, у поўнай цемры, што здымаюць яго толькі зьнізу, тады як пашкоджаньні ад атакі могуць быць заўважаныя толькі зьверху. Нарэшце пішуць, што здымка магла адбыцца раней, да атакі.
26 лютага 2023 года ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50 быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.
Група ByPol паведаміла аб двух выбухах і пашкоджаньні пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара.
Роля самалёта А-50 — стварэньне пазнавальнай карціны паветранай абстаноўкі і забесьпячэньне каардынацыі дзеяньняў зьнішчальнікаў.
Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 будзе значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у забесьпячэньні карціны паветранай прасторы.