Крысьціна Ціманоўская расказала, чаму ня вернецца выступаць за Беларусь
Спартоўку ўзяла ўдзел у перадачы тэлеканалу «Белсата», дзе ўдзельнікі праходзяць тэст на дэтэктары хлусьні.
У Крысціны Ціманоўскай спыталі, ці пагадзілася б яна вярнуцца ў Беларусь цяпер пры ўмове заробку 15 тысяч даляраў. Яна адказала, што не, бо цяпер у выніку кантрактаў, спонсарства і заробку на камэрцыйных спаборніцтвах яна зарабляе больш.
Ціманоўская сказала, што нават калі б улада ў Беларусі зьмянілася ў найбліжэйшы час, яна ня стала б выступаць за Беларусь. Бо па правілах, калі спартовец зьмяняе спартовае грамадзянства, ёсьць трохгадовы карантын на выступленьні. У Крысьціны ён сканчваецца праз год і некалькі месяцаў.
«Мне будзе 26. Калі ўявім, што ў наступным годзе ў Беларусі зьмяняецца ўлада і нам трэба вярнуцца, я вяртаюся і зноў падаю запыт на зьмену спартовага грамадзянства. І мне зноў прысуджаюць карантын тры гады. І ў выніку я зь яго выйду ў 30-гадовым узросьце, калі кар’ера ўжо будзе ісьці да заканчэньня, і ў суме атрымаецца, што шэсьць гадоў я проста страчу», — цытуе Ціманоўскую «Наша ніва».
Ліст за сумленныя выбары Крысьціна Ціманоўская падпісала, ужо калі прыехала ў Польшчу. На тое ў яе былі свае прычыны.
«Наконт гэтага ў нас былі сур’ёзныя высвятленьні адносін у маёй сям’і. Я проста паабяцала бацькам не падпісваць, бо там былі розныя моманты, калі мама магла страціць працу, бацька ў мяне інвалід, ён не працуе. Што я магла зрабіць? Я магла толькі ў той сытуацыі падтрымаць сваю сям’ю і не зрабіць яшчэ горш, бо мама і так цягнула ўсіх на сабе», — сказала Ціманоўская.
У жніўні 2021 году Крысьціна Ціманоўская падчас Алімпіяды ў Токіё папрасіла міжнароднай абароны, заявіўшы, што яе сілай хацелі вывезьці ў Беларусь.