Прадстаўнік Узброеных сіл Беларусі назваў выкарыстаньне навабранцаў на перадавой «злачынствам супраць народу». Такое бывала ў Расеі
Начальнік вучэбна-мэтадычнага аддзелу факультэту Генэральнага штабу Ўзброеных сіл палкоўнік Андрэй Багадзель раскрытыкаваў практыку адпраўкі непадрыхтаваных навабранцаў на перадавую ва Ўкраіне, піша Zerkalo. io
Паводле слоў палкоўніка, агучаных у праекце «Страна говорит», гэта супярэчыць самой сутнасьці вайсковай справы.
Па словах прадстаўніка УС РБ, у Беларусі немагчыма ўявіць нешта падобнае.
«У нас выбудавана дакладная сыстэма падрыхтоўкі вайскоўцаў. Немагчыма ўявіць, што мы ўзялі б навабранца і засунулі яго ў акоп. Гэта проста бессэнсоўна. Ёсьць сыстэма падрыхтоўкі, калі з маладога чалавека рыхтуецца спэцыяліст: стралок, гранатамётчык, вадзіцель танка або БМП. Няма сэнсу даваць непадрыхтаванаму навабранцу дарагую зброю, каб ён проста яе загубіў. Акрамя таго, ён загубіць яшчэ і сябе і сваіх таварышаў», — сказаў Андрэй Багадзель.
У Расеі пасьля аб’яўленьня мабілізацыі 21 верасьня 2022 году фіксаваліся выпадкі адпраўкі навабранцаў на фронт празь некалькі тыдняў ці нават дзён падрыхтоўкі адразу пасьля прызыву.
Таксама Багадзель паразважаў аб магчымым прымяненьні такой практыкі ў Беларусі, якая афіцыйна ня ўдзельнічае ў вайне ва Ўкраіне.
«Турбавацца [беларусам] з гэтай нагоды дакладна ня трэба. Салдат трапіць на поле бою толькі ў тым выпадку, калі ў яго будзе сваё месца і дакладна пастаўленая мэта. Проста так салдату там рабіць няма чаго», — сказаў ён і выказаў упэўненасьць, што адпраўка непадрыхтаваных навабранцаў на перадавую, як піша БЕЛТА, — гэта «злачынства перад уласным народам».