Тэлеканал АНТ пацьвердзіў інфармацыю пра затрыманьне аналітыка Андрэя Паротнікава
Паводле «Нашай Нівы», АНТ праанансавала гучны фільм пра затрыманьне Андрэя Паротнікава.
Яшчэ ў сакавіку выданьне пісала, што Андрэй Паротнкаў мог быць затрыманы. Яго знаёмы паведаміщ тады выданьню, што Паротнікава затрымалі ў Маскве і даставілі ў Менск.
З апублікаванага анонсу АНТ вынікае, што аналітыка затрымалі ў Смаленску. У анонсе Андрэя Паротнікава называюць «здраднікам дзяржавы».
Апошнія допісы ў Фэйсбуку Андрэя Паротнікава датуюцца 7 сакавіка.
«Наша Ніва» сьцьвярджае, што Паротнікава трымаюць у СІЗА КДБ.
Андрэй Паротнікаў — выхадзец зь Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, капітан міліцыі запасу. Пасьля звальненьня з МУС ён займаўся незалежнай аналітыкай на тэмы бясьпекі і сілавых структур. Кіраваў аналітычным цэнтрам Belarus Security Blog.
У верасьні 2022 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім пазбавіў вайсковых і спэцыяльных званьняў больш за 80 чалавек. Сярод іх быў і Андрэй Паротнікаў.
Таксама сярод пазбаўленых вайсковых званьняў былі прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык (пазбаўлены званьня падпалкоўніка запасу) і ягоны сын Аляксандар Сахашчык (маёр). Былі ў сьпісе і іншыя вядомыя людзі:
Палітычны аналітык Ягор Лебядок
Бягуха Крысьціна Ціманоўская
Вайсковец палка Каліноўскага Павал Кулажанка
дарадца юстыцыі Алег Талерчык, прадстаўнік ByPol;
Васіль Верамейчык, добраахвотнік палка Каліноўскага;
юрыст 1-й клясы Ягор Бабак (былы пракурор, які зладзіў праверку супрацоўнікаў ДAІ, што пабілі байкераў 11 жніўня 2020 году), палітвязень;
капітан міліцыі запасу Ігар Букас, жыхар Бабруйску, асуджаны за «гвалт над міліцыянтам» падчас пратэстаў і многія іншыя.