Беларусы Бельгіі перадалі байцам Палка Каліноўскага калядныя падарункі
Кожную скрыню валанцёры адзначылі выявай нацыянальнага сімвала Фландрыі – чорнага льва, які трымае нацыянальны беларускі бел-чырвона-белы сцяг.
Беларуская супольнасць Бельгіі зладзіла перадкалядны збор падарункаў і неабходных рэчаў для байцоў Палка імя Кастуся Каліноўскага, якія зараз змагаюцца на вайне ва Украіне. А днямі перадалі сабранае ў Цэнтр дапамогі беларускім добраахвотнікам у Варшаву. На Каляды і Новы год падарункі і сабраны рыштунак паедуць да ваяроў ва Украіну.
Гаворыць арганізатар дапамогі з Бельгіі для «каліноўцаў» – Зміцер Піменаў:
– Шкарпэткі, чакалад, вітаміны, медычныя сродкі. А на грошы, якія збіралі людзі, мы вырашылі купіць ваенную амуніцыю. Гэта балаклавы, накаленнікі, тэрмабялізна, зімовыя пальчаткі, зімовыя шкарпэткі. Гэта тое, што мы набываем у ваеннай краме, за грошы, сабраныя людзьмі.
Агулам, акрамя падарункаў, беларусамі Бельгіі было сабрана больш 2000 еўра, якія пайшлі на неабходную амуніцыю. А каб байцы змаглі адрозніць гэтую дапамогу, кожную скрыню валанцёры адзначылі выявай нацыянальнага сімвала Фландрыі – чорнага льва, які трымае нацыянальны беларускі бел-чырвона-белы сцяг.
Цалкам матэрыял:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя