Лунінецкая гімназія стала насіць імя былога дырэктара Віленскай беларускай гімназіі
Мікалай Анцукевіч нарадзіўся ў мястэчку Ельск Мазырскага павета Менскай губерні.
Прынята рашэнне аб наданні Лунінецкай гімназіі імя Мікалая Анцукевіча (1892-1971) – беларускага педагога і філолага-даследчыка, гісторыка і перакладчыка, былога дырэктара Віленскай беларускай гімназіі.
Мікалай Анцукевіч нарадзіўся ў мястэчку Ельск Мазырскага павета Менскай губерні. Скончыў тут пачатковую школу, потым Мазырскую прагімназію, Бабруйскую гімназію з залатым медалём. Па жаданні бацькі паступіў у Пецярбург, у Ваенна-медыцынскую акадэмію, але – “лірык” перамог “хіміка”. Юнак выбраў прэстыжны Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут. На жаль, цяжка захварэў, таму атэстат аб яго заканчэнні атрымаў толькі ў лютым 1919 года.
У 1920-1927 гадах працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў Лунінецкай прыватнай рускай гімназіі, дзе карыстаўся аўтарытэтам. Потым яго запрасілі ў Віленскую беларускую гімназію выкладчыкам латыні і адначасова – інспектарам па выхаваўчай рабоце. У 1936 годзе Мікалай Анцукевіч стаў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Але за адстойванне права навучаць дзяцей на беларускай мове ў 1938 годзе беларуса перавялі ў горад Ломжа. У пачатку Другой сусветнай вайны ён быў арыштаваны польскімі ўладамі разам з іншымі заложнікамі беларускага насельніцтва Віленшчыны. Вайна канчаткова парушыла адладжанае жыццё сям’і. Па абвінавачванні ў знявазе нямецкай культуры акупацыйныя ўлады звольнілі Мікалая Анцукевіча. Толькі па шчаслівай выпадковасці ён пазбег арышту і канцлагера. У 1945 годзе працаваў у Віленскім педінстытуце, а праз некаторы час – на кафедры рускай мовы ў Віленскім універсітэце. У 1950-я гады сышоў на пенсію.
Лунінец стаў для Мікалая Анцукевіча не толькі месцам працы. У 1922 годзе ён ажаніўся з дачкой дыякана мясцовай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы, настаўніцай Вольгай Казюліч. У Лунінцы нарадзіліся двое іх сыноў.
Беларускае Радыё Рацыя