Бацькоў палохаюць позвы іх сынам
Паводле Міністэрства абароны, гэта штогадовы вясновы прызыў на тэрміновую службу, які традыцыйна выпадае на люты-сакавік.
У Беларусі многіх бацькоў палохаюць позвы, якія патрабуюць з’явіцца іх сынам у вайсковыя камісарыяты. Паводле Міністэрства абароны, гэта штогадовы вясновы прызыў на тэрміновую службу, які традыцыйна выпадае на люты-сакавік. Гутаркі пра фармаванне кантынгенту для ўдзелу ў вайне ва Украіне няма і блізка, – супакойваюць у ведамстве.
Філосаф, адзін з адраджэнцаў сацыял-дэмакратычнага руху ў краіне Анатоль Ляўковіч схіляецца да таго, што пакуль Расеі не патрэбная аніякая дапамога беларускіх жаўнераў непасрэдна ва Украіне:
– Зараз, па-мойму, нейтралітэт адмянілі, раз у АДКБ мы знаходзімся. Паслухайце, якая беларуская зброя, якія беларускія жаўнеры? Там зброі хапае, і жаўнераў там хапае. Непатрэбныя там ніякія беларускія жаўнеры і ніякая зброя. Зброі колькі туды сунуць! І сякуць сук, на якім самі сядзяць.
Анатоль Ляўковіч перакананы, што ўвогуле ў гэтай вайне Расея разлічвае толькі на свае сілы, бо ў рэальнасці ўсё ж надзейных саюзнікаў няма.
Беларускае Радыё Рацыя