Спецназ будзе ахоўваць чыгуначныя шляхі на Берасцейшчыне і Гомельшчыне
З-за дыверсій і кібер-нападаў на інфраструктуру Беларускай чыгункі па Беларусі перасталі пераганяць арганізаваныя вайсковыя эшалоны з тэхнікай і боепрыпасамі расейскіх войскаў.
Працягваюцца затрыманні за пашкоджанні на чыгунцы. У Оршы за пашкоджанне чыгуначных шляхоў затрыманы мясцовы супрацоўнік чыгункі. На праўладным телеграм-канале з ім з’явілася т.з. «пакаяльнае» відэа. Аднак твар мужчыны не паказалі, а прозвішча не назвалі. Сам затрыманы на відэа сказаў, што скраў цягу ручнога тормазу на грузавым вагоне.
У Наваполацку сілавікі прыязджаюць да людзей на працу і дапытваюць іх. Прычына: на гэтым тыдні на перагоне Фарынава -Загацце (Віцебскае аддзяленне) быў знішчаны рэлейны шкаф СЦБ. Таксама стала вядома, што ў сераду і чацвер у Полацку адбыліся мінімум два ператрусы, пасля якix людзей адвозілі ў ГАУС.
Ад заўтра, 19 сакавіка, спецназ унутраных войскаў Беларусі будзе ахоўваць чыгуначныя шляхі на Берасцейшчыне і Гомельшчыне. Патрулі будуць хадзіць у цывільным адзенні, пры сабе мець зброю і рацыі з GPS-трэкерамі. Пражыванне плануецца ў палатках недалёка ад чыгуначнай інфраструктуры, паведамляе тг-канал @belzhd_live.
Усяго ад пачатку вайны затрымалі мінімум восем беларусаў па падазрэнні ў зрыве графіку руху расейскіх цягнікоў са зброяй і датычных да фізічнага пашкоджання інфраструктуры чыгункі ў Беларусі.
З-за дыверсій і кібер-нападаў на інфраструктуру Беларускай чыгункі па Беларусі перасталі пераганяць арганізаваныя вайсковыя эшалоны з тэхнікай і боепрыпасамі расейскіх войскаў.