27-ы дзень расейска-украінскай вайны
Мэр Барыспаля Уладзімір Барысенка заклікаў грамадзянскае насельніцтва з’язджаць, бо побач з горадам ідуць баі. „У нас штодня адбываецца адпраўка людзей у заходнюю частку Украіны… Як паказвае практыка тых гарадоў, дзе ідуць баі, чым менш грамадзянскага насельніцтва, тым лягчэй працаваць ВСУ”, – заявіў Барысенка.
Больш за палову жыхароў ужо пакінула Чарнігаў з-за вайны, заявіў мэр гораду.
Марыупаль ужо некалькі тыдняў знаходзіцца ў аблозе, а на вуліцах каля жылых дамоў раскопваюць магілы для загінулых. Ацалелыя гараджане хаваюцца ў падвалах, кажуць, ежы хопіць максімум на тыдзень.
У Харкаве ў выніку абстрэлаў, з пачатку вайны, знішчана амаль тысяча цывільных будынкаў, у асноўным гэта жылыя дамы.
Паводле генштабу Узброеных сілаў Украіны ў Ахтырскім раёне Сумскай вобласці зафіксаваныя факты непадпарадкавання расейскіх вайскоўцаў. Каля 300 акупантаў адмовіліся выконваць загад пра вядзенне баявых дзеянняў і на 70 адзінках тэхнікі пакінулі раён аперацыі.Таксама па падліках генштабу расейскія вайскоўцы маюць запасы боепрыпасаў і харчоў не больш чым на тры дні. Падобная сітуацыя і з палівам, якое папаўняюць аўтацыстэрнамі.
Ва Ужгарадзе актывісты дэмантавалі мемарыяльную пліту ў гонар 300-годдзя нібыта ўз’яднання Украіны з Расеяй, якая стаяла ў адным з паркаў гораду.