Батумскія актывісты: станем разам супраць вайны
Вялікая акцыя «Расея – не Пуцін, Беларусь – не Лукашэнка» адбылася ў грузінскім Батумі. Акцыя сабрала некалькі соцень чалавек, што збеглі ад рэпрэсій рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна ў Грузію.
Пра адметнасць удзелу беларускіх актывістаў распавядае Яўген Гацак:
-Тут ужо вялізная колькасць беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю Радзіму ў выніку рэпрэсій, якія пачаліся пасля выбараў 2020 года. Тады мала хто мог уявіць, што бездань, у якую наша краіна скацілася, будзе настолькі глыбокай, што Беларусь пераўтворыцца ў плацдарм для атакі пуцінскіх войскаў на Украіну. Канешне, зараз мы мусім падтрымаць украінцаў і Украіну ў барацьбе за свабоду.
Грамадскі актывіст з Расеі Сяргей Гарбуноў упэўнены, што толькі разам атрымаецца перамагчы Пуціна:
-Рускім, беларусам, украінцам трэба зараз быць разам, каб нашыя галасы былі больш заўважныя, каб нас чулі. Бо ў нас адзін агульны вораг, з якім мы ўсе разам мусім змагацца і яго перамагчы. Таму што ад перамогі над Пуціным выйграюць абсалютна ўсе народы. Усе стануць свабоднымі. Я, як расіянін, магу сказаць, што мая краіна задыхае нарэшце вольна. І Беларусь задыхае вольна, таму што калі не будзе Пуціна, Лукашэнку знясе ветрам праз гадзіну. Таму нам, канешне, трэба быць разам.
Пасля правядзення антыпуцінскай акцыі на Плошчы Еўропы распачалася акцыя памяці па загінулых ва Ўкраіне. Акцыя была арганізавана грузінскімі актывістамі.
Беларускае Радыё Рацыя