Памёр баранавіцкі паэт Алесь Корнеў
У Баранавічах памёр беларускі паэт, лаўрэат літаратурнай Берасцейскай Мядовай прэміі (2009), былы доктар Алесь Корнеў (1935-2022).
Прабач, мой край, мой любы, ясны.
Прабач – магчымасці не меў.
І песень яркіх, болей шчасных
Табе не спеў… Яшчэ не спеў.
А ўсё ж хачу, хачу да болю
Табе такое праспяваць,
Каб змог і долю ты, і волю
Адваяваць… Адваяваць!..
У Баранавічах памёр беларускі паэт, лаўрэат літаратурнай Берасцейскай Мядовай прэміі (2009), былы доктар Алесь Корнеў (1935-2022).
Алесь Касьянавіч нарадзіўся ў Магілёве. У 1955 годзе скончыў сярэднюю школу ў вёсцы Малахоўцы Баранавіцкага раёна, а потым – Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Працаваў доктарам у Мазыры і Баранавічах. А ў вольны час пісаў вершы на роднай мове. Вершы Алеся Корнева друкаваліся ў гарадскіх і абласных газетах, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, у літаратурным альманаху горада Баранавічы “Святліца” за 1997, 2000, 2006 гады і ў іншых выданнях. Пры жыцці паспеў напісаць і выдаць 32 зборнікі паэзіі, а два засталіся ў рукапісах. Сярод выдадзеных кніг — “Услед за ластаўкай” (2001 г.), “Грае раніца зару” (2002 г.), “Нязгаслыя яскі” (2003 г.), “Крыжы зямелькі нашае” (2004 г.), “Праз міфы і казкі” (2004 г.), “Вішнёвы прысмак” (2004г.), “Жаночыя напевы” (2004 г.), „Адгалоскі” (2005 г.), „На пэндзліку Марка Шагала” (2005г.) і іншыя. Захапляўся паэт таксама маляваннем, разбярствам па дрэве і лясной скульптурай.
У панядзелак, 28 сакавіка, з Алесем Корнем у Баранавічах развіталіся яго калегі па пяру, сябры і землякі.
Беларускае Радыё Рацыя