Нацыянальная прэмія “лепшым з лепшых”
Сярод лаўрэатаў першую прыступку займае вядома ж “народны” пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец за раман “А он не вернулся из боя”.
Artykuł Нацыянальная прэмія “лепшым з лепшых” pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Калі мы даведаліся, хто ў Добрушы на Дні беларускага пісьменства атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію-2022, прыгадаліся радкі заходнебеларускага паэта Сяргея Хмары: “Ён народны, ён народны, бо народу непрыгодны”. Сярод лаўрэатаў першую прыступку займае вядома ж “народны” пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец за раман “А он не вернулся из боя”. Як гэта Чаргінцу сёлета не дадуць Нацыянальную прэмію, калі ён стаў “народным”?.. Яму ў першую чаргу. Невядома, як сябе побач з гэтым “народным” адчувалі б сёння Янка Купала, Якуб Колас, Іван Мележ, Іван Шамякін, Пятрусь Броўка… Відаць, ім было б няёмка побач з такім “сучасным і народным”. А раман Чаргінца “сур’ёзны”, ён пра беларуса, які прайшоў Афганістан, трапіў у палон і г.д. І самае галоўнае ў рамане – гэта развал Савецкага Саюза, галодныя 1990-я…
Другую прыступку на прэмію, побач з Чаргінцом, захапіў Андрэй Мукавозчык за кнігу публіцыстыкі “Революция мокрых штанов”. Так-так, той самы Мукавозчык, які працуе ў газеце “СБ. Беларусь сегодня”, які напісаў лухту- “рэфлексіі “, дзе палівае брудам Беларусь і беларусаў, пачынаючы з выбараў 2020 года.
Трэцяя прыступка ў Анатоля Андрэева, які атрымаў прэмію за драматургію. Антыбеларус Андрэеў фанабэрыста і з пагардай адносіцца да беларускай мову, і ўсё жыццё займаецца ў Беларусі русіфікацыяй. Чалавек, сапраўды, “дастойны” прэміі.
Прэмію за лепшы твор для дзяцей атрымаў пісьменнік Алесь Жук – бацька галоўнага рэдактара “СБ.Беларусь сегодня” Дзмітрыя Жука.
Дайшла чарга ўзнагародзіць і дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алеся Бадака за зборнік вершаў “Уладар ветру”. Самы “моцны” паэт 2022 года ў Беларусі.
Сярод дэбютантаў прэміі аказалася журналістка газеты” Звязда” Валерыя Сцяцко за кнігу пра паралімпійскага чэмпіёна Аляксея Талая. У “сузор’е” лаўрэатаў прэміі трапіла і кніга Ігара Запрудскага “Беларуская літаратура і культура XIX cтагоддзя: асаблівасці развіцця і актуальныя пытанні даследавання”.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Нацыянальная прэмія “лепшым з лепшых” pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.