Беларусы Батумі: акцыя «Лукашэнку не месца ў Грузіі!»
Прадстаўнікі беларускай дыяспары далучыліся да антываеннай акцыі ў грузінскім Батумі на плошчы Еўропы, і падставай да гэтага стаў візіт Лукашэнкі ў Абхазію.
Artykuł Беларусы Батумі: акцыя «Лукашэнку не месца ў Грузіі!» pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Шматлікія прадстаўнікі беларускай дыяспары далучыліся да антываеннай акцыі ў грузінскім Батумі на плошчы Еўропы, і падставай да гэтага стаў візіт Лукашэнкі ў Абхазію.
Пра ўдзел беларусаў у акцыі кажа грамадскі актывіст Аляксей Балашоў:
-Ён цынічна праз дзень пасля сумнай даты захопу Сухумі, праз тэрыторыю Расеі ўехаў на акупаваную тэрыторыю Грузіі. Ён парушыў грузінскае заканадаўства і ўсе міжнародныя правілы. Ён не з’яўляецца прэзідэнтам. Ён з’яўляецца нікім. Ён захапіў уладу. І грузінскае грамадства таксама мусіць гэта зразумець. Таму нам важна дэманстраваць пазіцыю беларусаў, што Абхазія – гэта тэрыторыя Грузіі. Такім крывавым дыктатарам на тэрыторыі Грузіі не месца!
Па словах актывістаў, грузінам трэба тлумачыць, што Лукашэнка – гэта не знак роўнасці з беларускім грамадствам:
-Многія жыхары Грузіі асацыююць Лукашэнку з Беларуссю. Далёка не ўсе ў курсе ўнутраных працэсаў у Беларусі. І многія думаюць, што Лукашэнка прадстаўляе меркаванні беларусаў, і што ён легітымны. Вельмі важна зараз паказаць, што народ Беларусі і т.зв. “прэзідэнт Лукашэнка” існуюць у розных сусветах.
-Лукашэнка ў Беларусі ўвогуле ніхто. Ён прайграў выбары ў 2020 годзе. І беларусам трэба выходзіць у Грузіі, у Польшчы, і па ўсім свеце, каб выказаць сваю падтрымку грузінам.
На акцыі гучалі лозунгі: «Лукашэнку ў аўтазак», «Беларусь – у Еўропу», «Абхазія – гэта Сакартвэла» ды іншыя. Актывісты таксама плануюць сустрэчы з мясцовымі медыямі, каб распавесці ім сваё стаўленне да Лукашэнкі.
Беларускае Радыё Рацыя, Батумі
Artykuł Беларусы Батумі: акцыя «Лукашэнку не месца ў Грузіі!» pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.