Пра рэвалюцыю
ГУБАЗік не знайшоў экстрэмізму ў кнізе Віктара Марціновіча “Рэвалюцыя”. А так, відаць, стараліся. Бо адное слова рэвалюцыя чаго вартае!
Artykuł Пра рэвалюцыю pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Добрая навіна. ГУБАЗік не знайшоў экстрэмізму ў кнізе Віктара Марціновіча “Рэвалюцыя”. А так, відаць, стараліся. Бо адное слова рэвалюцыя чаго вартае. ГУБАЗІКаўцы, пэўна, думалі, што з такой назвай у кнізе абавязкова штосьці павінна быць. Гэта ж рэ-ва-лю-цы-я.
Уяўляеце, колькі разоў яны назву прачыталі за два гады. Страшна ўявіць, колькі спецыялістаў вывучала кнігу на прадмет экстрэмізму. Затое хоць хтосьці адтуль прачытаў кнігу на беларускай мове. Можна сказаць, далучыўся хтосьці да сучаснай беларускай літаратуры.
Раман “Рэвалюцыя” Віктара Марціновіча быў выдадзены ў 2020-м годзе. А ўжо ў студзені 2021 года наклад кнігі канфіскавалі падчас ператрусу ў выдаўца. Прычым канфіскавалі нават бракаваныя асобнікі. І вось да красавіка 2023 года кнігу правяралі на экстрэмізм. Такое адчуванне, што значэнне кожнага слова ў кнізе праверылі за гэты час. Самае цікавае, сам аўтар яшчэ даўно гаварыў, што кніга не пра палітычную ўладу, а пра ўладу як страшную стыхію, якая вымушае людзей пакрысе дэградаваць маральна. Аднак ГУБАЗІКаўцы аўтару не паверылі. І зачыталі, можна сказаць, кнігу да дзір за гэтыя два з гакам гады. Што ж, можна параіць яшчэ некалькі кніг пра ўладу як з’яву. Могуць твор “Наглядаць і караць” Мішэля Фуко пачытаць, напрыклад.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Пра рэвалюцыю pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.