Нямеччына дазволіла Польшчы перадаць Украіне пяць зьнішчальнікаў МіГ-29
Урад ФРГ дазволіў перадачу пяці зьнішчальнікаў МіГ-29, якія знаходзяцца ў ВПС Польшчы, Украіне. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы ўраду Нямеччыны.
«Рады паведаміць, што мы можам абяцаць нашым польскім партнэрам пастаўку пяці МіГ-29 з рэзэрваў арміі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі Ўкраіне. Мы толькі сёньня атрымалі заяўку. Я вітаю той факт, што мы ў фэдэральным урадзе разам прынялі гэтае рашэньне. Гэта паказвае: на Нямеччыну можна спадзявацца!» — заявіў кіраўнік Міністэрства абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс.
Ва ўрадзе таксама адзначылі, што гэтыя самалёты належалі войску ГДР, затым Нямеччына перадала іх Польшчы, і ФРГ, як краіна паходжаньня гэтай вайсковай тэхнікі, павінна была даць згоду на яе рээкспарт. Усяго ў войску ГДР налічвалася 24 зьнішчальнікі МіГ-29.
У сакавіку Польшча ўжо перадала Ўкраіне чатыры МіГ-29, а прэзыдэнт Анджэй Дуда абвясьціў, што ў хуткім часе будуць перададзеныя яшчэ некалькі самалётаў.
Тады ж урад Славаччыны ўхваліў рашэньне аб адпраўцы Ўкраіне 13 зьнішчальнікаў МіГ-29. Славаччына адмовілася ад МіГ-29, дамовіўшыся аб пастаўках амэрыканскіх F-16. Да таго як іх паставяць, паветраную прастору краіны будуць патруляваць самалёты Чэхіі.
У амбасадзе Расеі ў Браціславе заявілі, што перадача Кіеву вайсковай тэхнікі савецкай і расейскай вытворчасьці зьяўляецца незаконнай з прававога пункту гледжаньня, бо адпаведныя расейска-славацкія пагадненьні выключаюць перадачу ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі трэцім дзяржавам без дазволу краіны-вытворцы.