«Кібэрпартызаны»: Раскамнагляд запускае ў сацсеткі ботаў, якія будуць пранікаць у групы расейцаў, беларусаў і ўкраінцаў
У траўні 2023 году Раскамнагляд запускае ў сацсеткі ботаў, якія будуць пранікаць у групы расейцаў, беларусаў і ўкраінцаў. Такое сьцьвярджэньне ўтрымліваецца ў новым ютуб-роліку беларускай групоўкі хакераў «Кібэрпартызаны».
Аўтары сьцьвярджаюць, што з дапамогай тых ботаў спэцслужбы Расеі зьбіраюцца атрымліваць інфармацыю нават з закрытых супольнасьцяў і ствараць групы ўплыву, якія трансьлююць пэўныя думкі і настроі.
Таксама сьцьвярджаецца, што акаўнты ботаў будуць вонкава выглядаць як сапраўдныя і што ў сацсетках робаты будуць мець магчымасьць:
1. Весьці профіль.
2. Падпісвацца.
3. Пакідаць камэнтары/лайкі.
4. Кантактаваць праз асабістыя паведамленьні.
«Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная група ананімных хакераў-актывістаў, якая зьявілася ў верасьні 2020 году. Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы беларускіх дзяржаўных установаў і сілавых структураў, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньнем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі. Група пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Сваю дзейнасьць яны называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Кібэрпартызаны» актыўна дапамагаюць аб’яднаньню беларускіх сілавікоў ByРol у правядзеньні расьсьледаваньняў.
Таксама «Кібэрпартызаны» дапамагаюць палку імя Кастуся Каліноўскага ва Ўкраіне спраўджваць новых добраахвотнікаў.