Падляшскія беларускія арганізацыі падалі скаргу на дзеянні куратара асветы
Яўген Вапа каментуе непрыемную сітуацыю, якая склалася вакол беларускамоўнага навучання ў ліцэях.
Artykuł Падляшскія беларускія арганізацыі падалі скаргу на дзеянні куратара асветы pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Яўген Вапа ад імя сямнаццаці беларускіх і праваслаўных арганізацый у Польшчы падаў скаргу міністру адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславу Чарнку на дзеянні Падляшскага куратара асветы Барбары Петрушкі.
Справа датычыць яе дзеянняў, якія маюць на мэце змену статусу навучання беларускай мове ў агульнаадукацыйных ліцэях у Бельску Падляшскім і Гайнаўцы. На практыцы гэта азначае, што навука беларускай мове ў згаданых белліцэях і здача экзамену на атэстат сталасці па беларускай мове былі б неабавязковымі, што прывяло б з часам увогуле да ліквідацыі белліцэяў.
Старшыня беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа каментуе скаргу і спасылаецца на ліст, які Падляшская куратар асветы даслала дырэктару Гайнаўскага белліцэя Ігару Лукашуку.
– Нас вельмі ўзбударажыў факт, што 27 верасня гэтага году, зусім нядаўна, Падляшская куратар асветы, спадарыня Барбара Пятрушка накіравала ліст у адрас дырэктара Гайнаўскага Беларускага Ліцэя Ігара Лукашука, у якім дамагаецца таго, каб ён скасаваў актуальны статут школы, і абавязкова даваў згоду ўсім тым, хто жадае вучыцца ў гэтай школе без навучання беларускай мовы.
Цалкам каментар слухайце ў далучаным файле:
Агульнаадукацыйныя ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мове ў Бельску Падляскім і Гайнаўцы – гэта школы ў якіх ад некалькіх дзесяцігоддзяў абавязваў статус, згодна з якім вучні, якія паступаюць туды навучацца, абавязаны вучыцца беларускай мове і здаваць экзамен на атэстат сталасці па беларускай мове. Гэтую сітуацыю з мінулага навучальнага года спрабуюць змяніць некаторыя бацькі вучняў з бельскага бел-ліцэя, якіх падтрымлівае Падляшская куратар асветы. Пад петыцыяй у абарону навучання беларускай мове ў бельскім і гайнаўскім беолліцэях падпісаліся больш за 2200 асобаў, у большасці выпускнікі згаданых школаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Падляшскія беларускія арганізацыі падалі скаргу на дзеянні куратара асветы pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.