Праваабаронцы: У Карэлічах і Лідзе АМАП правёў масавыя затрыманьні
Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу MAYDAY TEAM, 27 кастрычніка ў Карэлічах прадстаўнікі АМАП УУС Горадзенскага аблвыканкаму затрымалі некалькі чалавек.
Паведамляецца, што раніцай у Карэліцкай цэнтральнай раённай паліклініцы затрымалі некалькі лекараў і стаматоляга. З астатнім пэрсаналам праводзілі «прафіляктычныя гутаркі» пра недапушчальнасьць «падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы».
Акрамя таго, двух чалавек затрымалі ў Карэліцкім раённым выканкаме. Таксама затрымалі некаторых супрацоўнікаў Карэліцкага раённага цэнтру культуры і народнай творчасьці.
На думку праваабаронцаў, усіх затрыманых абвінавачваюць у «распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Таксама паведамляецца, што ў гэты ж дзень прайшлі затрыманьні ў Лідзе. Таму праваабаронцы мяркуюць, што «сілавікі натуральна выехалі ў тур на аблавы».
Масавае затрыманьне людзей у Карэлічах — ужо другое для гэтага невялікага населенага пункту за апошні час.